Музей ільну і ткацтва знаходзіцца ў Дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа № 84 г. Мінска імя П.Ц. Панамарэнкі”, па адрасу г. Мінск, вуліца Панамарова, 11. Профіль музея гістарычны (этнаграфічны).
На сайце школы размешчана закладка віртуальны музей і пададзена інфармацыя аб музеі (http://sch84.minsk.edu.by).
Музей ільну і ткацтва быў адкрыты ў ліпені 2006 года на грамадскіх пачатках, а рэканструяваны ў 2020 годзе сіламі педагогаў, бацькоў і іншых зацікаўленых асоб.
Мэтай дзейнасці музея з’яўляецца ажыццяўленне комплекснага падыходу да ідэйна-маральнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання, развіццё нацыянальнай самасвядомасці, фарміраванне любові да традыцый, звычаяў беларускага народа, яе гістарычнай і культурнай спадчыны.
Работа музея цесна звязана з вучэбна-выхаваўчым працэсам школы, паколькі садзейнічае фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў, беражліваму стаўленню да помнікаў гісторыі і культуры беларускага народа.
У музеі прадстаўлены такія экспазіцыі, як "Беларуская хатка", "Ручнікі і беларускія ўзоры", "Ткацтва", "Беларускі нацыянальны касцюм", "Жыццё і побыт беларускага селяніна, яго заняткі".
Экспазіцыя “Ручнікі і беларускія ўзоры” - знаёміць з гісторыяй з'яўлення ручніка, з яго выглядам і прызначэннем у хатнім ужытку, якія ўзоры і якога колеру наносілі на той ці іншы ручнік. Якое значэнне адыгрываў ручнік у паўсядзённым жыцці беларуса? З чаго рабілі і хто ствараў іх? Што сімвалізіравалі ўзоры, якія наносілі на ручнік?
Экспазіцыя “Ткацтва” – знаёміць школьнікаў з экспанатамі, якія знаходзяцца у нашым музеі, хто працаваў і што выраблялі, з гісторыяй паяўлення ільну, як асноўнага матэрыялу ў жыцці тагачаснага беларуса.
Самай цікавай экспазіцыяй для школьнікаў і гасцей з’яўляецца “Беларуская хатка” – знаёміць з асноўнымі прадметамі, якія знаходзіліся ў беларусскага селяніна: стол, лава, беларуская печка і яе атрыбуты, з чаго вырабляліся і дзе знаходзіліся ў хаце.
Калі расказваем пра экспазіцыю “Беларускі нацыянальны касцюм”, то знаёмім з чаго складаўся паўсядзённы і святочны касцюмы, якія элементы адзення былі абавязковымі, з якого матэрыялу вырабляліся.
Усяго ў нашым музеі знаходзіцца 312 экспанатаў (268 экспанатаў асноўнага фонду і 44 экспаната – дапаможнага). Найбольш каштоўнымі экспанатамі нашага музея з’яўляюцца: дзіцячая калыска, калаўрот, прасы, прайгравальнік пласцінак, маслабойка, дзежка для выпякання хлеба, якія былі зроблены на пачатку ХХ стагоддзя.
Кожны год ўдзельнічаем ў краязнаўчых чытаннях, у розных раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах, напрыклад, "Экспанат для музея", "Я гэты край Радзімаю заву", "Лепшы буклет раёна", "Чарнобыль. Захоўваем памяць", атрымалі граматы і дыпломы.
У нашым музеі распрацаваны буклеты, візітоўкі і лагатып музея.
Музей ільну і ткацтва - гэта тоненькая нітка паміж сучаснасцю і мінулым, гэтае мінулае сядзіць у нас, яно наша плоць і наш дух. У нас жывуць праца, сілы тых, хто жыў да нас.
разгарнуць » / « згарнуць